6/27/2011

26 чэрвеня – гадавіна расстрэла вязняў беразвецкай турмы

http://westki.info/artykuly/11763/26-chervienia-hadavina-rasstrela-viazniau-bierazvieckay-turmy
26 чэрвеня – гадавіна расстрэла вязняў беразвецкай турмы
Кастусь Шыталь - [25.06.2011] Браслаў Глыбокае Докшыцы Мёры Паставы Шаркоўшчына Краязнаўства

Крыж на месцы расстрэлу вязняў у Мікалаёве. Фота Radzima.org
Семдзесят год таму, 26 чэрвеня 1941 года, канваіры НКВД расстралялі недалёка ад мястэчка Ула каля тысячы вязняў беразвецкай турмы. Гэтая дата прымушае ўзгадаць трагічныя і малавядомыя старонкі гісторыі Другой Сусветнай вайны ў нашым рэгіёне.

Другая Сусветная вайна пачалася ў Беларусі не 22 чэрвеня 1941 года, як сцвярджае афіцыйная гістарыяграфія, а двума гадамі раней – 1 верасня 1939 года. 23 жніўня 1939 года СССР і нацысцкая Германія падпісалі “дамову аб ненападзе”, да якой быў прыкладзены сакрэтны пратакол аб падзеле сфераў уплыву ва ўсходняй Еўропе. Першай ахвярай змовы стала ІІ Рэч Паспалітая, у склад якой уваходзіў тады наш рэгіён.

1 верасня 1939 года нацысцкія войскі перайшлі заходнюю мяжу польскай дзяржавы, а 17 верасня савецкія танкі увайшлі ў Глыбокае. Камуністычныя спецслужбы пачалі масавыя арышты – настаўнікаў, чыноўнікаў, буйных землеўладальнікаў, былых вайскоўцаў забіралі амаль пагалоўна. Будынкі Беразвецкага манастыра, у якіх за польскім часам стаялі памежнікі, камуністы ператварылі ў турму, куды збіралі арыштаваных з тэрыторыі некалькіх сучасных раёнаў.

Гісторыкам, пасля доўгіх даследванняў, удалося высветліць некалькі сотняў імёнаў беразвецкіх вязняў. Большасць з іх - адукаваныя і заможныя людзі: настаўнікі, урачы, чыноўнікі, гандляры, землеўладальнікі. Савецкія следчыя вінавацілі іх у “антысавецкай агітацыі” і “контррэвалюцыйнай дзейнасці”.

“Там былі невінаватыя людзі. Паводле спісаў вязняў, якія я рыхтаваў да друку, віна некаторых была ў тым, што чалавек быў мужам настаўніцы або бацькам лесніка. Якія ж гэта былі “вызваліцелі”, калі яны рэпрэсавалі столькі людзей, усю эліту нашага рэгіёна”, - кажа грамадскі актывіст з Глыбокага Зміцер Лупач.

Пасля таго, як 22 чэрвеня нацысты пачалі вайну супраць свайго былога саюзніка, супрацоўнікі НКВД атрымалі заданне “эвакуяваць” вязняў на ўсход. Частку вязняў закатавалі і расстралялі адразу ў Беразвеччы. Тых, хто застаўся, 24 чэрвеня пашыхтавалі ў калону і пагналі на ўсход. Слабейшых расстрэльвалі па дарозе. Шлях гэты пазней назавуць “дарогай смерці”.

Журналіст Яўген Самсонаў заняўся даследваннем тэмы і адшукаў шматлікіх відавочцаў перагону вязняў. “Людзі распавядаюць, што спрабавалі перадаць вязням хлеб, але іх білі і праганялі. Тых вязняў, якія кінуліся піць ваду ў раку Шошу, расстралялі і закапалі на месцы. Некаторыя сведкі і па сённяшні дзень баяцца гаварыць пра тыя падзеі”, - кажа Яўген Самсонаў.

26 чэрвеня калона вязняў мінула мястэчка Ула. Канваіры перагналі людзей па мосце праз Дзвіну, а потым загадалі легчы ўсім на зямлю. Пасля гэтага ўсіх сталі расстрэльваць з кулямётаў. Каго не застрэлілі адразу – пасля закалолі штыкамі. Відавочцы ўспамінаюць, што зямля была чырвоная ад крыві. Ахвярамі расправы сталі больш за тысячу нашых землякоў.

Памяць пра расстрэл беразвецкіх вязняў нязручная для афіцыйных уладаў, якія традыцыйна ўшаноўваюць камуністычных злачынцаў. У Глыбокім пра трагедыю нагадвае толькі сціплая шыльда ў касцёле. А каля беразвецкага манастыра, у якім па-ранейшаму знаходзіцца турма, стаіць помніку заснавальніку рэпрэсіўнай сістэмы Феліксу Дзяржынскаму.

Сябры культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча падрыхтавалі да гадавіны трагедыі адмысловы выпуск газэткі “Бацькаўшчына”, у якой прыводзяць імёны некалькі сотняў чалавек, якія прайшлі праз беразвецкую турму, а таксама ўспаміны відавочцаў расправы. Газэтка ёсць у нас на сайце – можна праглядзець або спампаваць.

Мітки:

Грамадскія актывісты ўшанавалі памяць расстраляных вязняў з Беразвечча Алесь Сьнег

Грамадскія актывісты ўшанавалі памяць расстраляных вязняў з Беразвечча
Алесь Сьнег - [27.06.2011] Глыбокае грамадства
http://westki.info/artykuly/11768/hramadsk%D1%96ia-aktyv%D1%96sty-usanaval%D1%96-pamiac-rasstralianych-viazniau-z-bierazviecca
Каля вёскі Мікалаева Шумілінскага раёна адбылася акцыя памяці вязняў Беразвецкай турмы, расстраляных 26 чэрвеня 1941 года. Акцыя была прымеркаваная да 70-й гадавіны трагедыі, на яе сабраліся дзясяткі людзей з Мінска, Віцебска, Глыбокага, Паставаў, Оршы.
Пенсіянерка з Бешанковіч Валянціна Гракун запісала ў суседніх вёсках успаміны пра масавае забойства. Фота "Нашай Нівы"