9/21/2007

17 ВЕРАСНЯ 1939 ГОДА: ВЫЗВАЛЕННЕ ЦІ АКУПАЦЫЯ?

http://www.racyja.com/navina.html?&tx_ttnews[tt_news]=5482&tx_ttnews[backPid]=1&cHash=64831fc8fc

Гродзенская суполка руху “За свабоду” правяло чарговае паседжанне дыскусійнага клуба “Гарадзенскі калегіюм”. Гэтым разам тэмай публічнага абмеркавання стала 17 верасня 1939 года. Што адбылося 68 гадоў таму – вызваленне ці акупацыя – вырашалі вядомыя беларускія і польскія гісторыкі, журналісты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і тыя гродзенцы, якім неабыякава гісторыя свайго горада.
Больш за сто чалавек узялі ўдзел у адкрытай публічнай дыскусіі “17 верасня 1939 года: вызваленне ці акупацыя”. Пра тое, што прынесла насельніцтву гэта гістарычная падзея і як усталёўвалася савецкая ўлада на Беларусі, распавядалі сведкі тых падзеяў , краязнаўцы і навукоўцы з Польшчы і Гродна.

На думку гісторыка з Беластока Яўгена Мірановіча, у кожнага народа існуе свая гістарычная праўда, з якой немагчыма не лічыцца, але трагічныя лёсы беларусаў, палякаў і габрэяў, якія жылі ў тыя часы на гэтай зямлі сведчаць аб тым, што яны сталі закладнікамі вялікай палітычнай гульні паміж Савецкай Расіяй і Нямеччынай.

Прафесар гісторыі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Алесь Смалянчук зазначыў, што адзінай пазіцыі ў беларускіх навукоўцаў, як і ў звычайных людзей, няма:

- Афіцыйная думка аддае прэрагатыву савецка-бальшавіцкай пазіцыі, паводле якой 1939 год лічыцца для заходніх беларусаў вызваленчым. Незалежныя гісторыкі прытрымліваюцца двух пунктаў гледжання. Паводле аднаго з іх, калі б не аб’яднанне, Беларусь увогуле магла б знікнуць з геапалітычнай мапы. Што датычыць другой пазіцыі, то безумоўна, для беларускага народа 1939 год – трагічная дата: менавіта бальшавікі вынішчылі нацыянальную эліту, замяніўшы яе сваімі стаўленнікамі.

Актыўны ўдзел у сустрэчы прынялі сябры непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс. Многія з іх былі сведкамі падзеяў верасня 1939 года і ім было што расказаць аб “вызваліцелях”, якія 68 гадоў таму назаўжды вызвалілі жыхароў Заходняй Беларусі ад прыватнай маёмасці.

Адзінае, у чым пагадзіліся практычна ўсе удзельнікі сустрэча, – дата 17 верасня ні ў якім выпадку не павінна быць святам, а заявы прадстаўнікоў беларускай улады аб наданні гэтаму дню афіцыйнага статуса святочнага дня варта разглядаць не інакш як правакацыйныя.

- Дзеянні улады, якая збіраецца ўмацоўваць свой палітычны рэйтынг на трагічных падзеях 1939 года не што іншае, як ганебнае стаўленне перш за ўсё да свайго народа, - прыкладна так зазначалі многія ўдзельнікі сустрэчы.

Радыё Рацыя