Апошні шлях вязняў Глыбоцкай турмы - Сяржук Серабро
Апошні шлях вязняў Глыбоцкай турмы
Posted By Сяржук Серабро On Чэрвень 28, 2009 @ 17:20 In Грамадства | 2 Comments
26 чэрвеня 1941 году ў вёсцы Мікалаева непадалёк ад Улы канвойнымі войскамі НКВД была расстраляная калона вязняў Глыбоцкай турмы НКВД №28 (размяшчалася ў Беразвеччы), якая складалася з некалькіх сотняў арыштаваных жыхароў Глыбоцкага раёна. “Народным навінам Віцебска” ўдалося пабываць на месцы расстрэлу і пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсій.
Лёс калоны вядомы дзякуючы [2] дакладной запісцы ваеннага пракурора Віцебскага гарнізона ваенюрыста 3-га ранга Глінкі: “… начальник тюрьмы Глубокского района Вилейской области, ныне начальник Витебской тюрьмы, сержант госбезопасности, член ВКП(б), который 24 июня вывел из Глубокской тюрьмы в Витебск 916 осужденных и следственно-заключенных. По дороге этот начальник тюрьмы ПРИЕМЫШЕВ в разное время в два приема перестрелял 55 человек, а в местечке около Уллы, во время налета самолета [противника] он дал распоряжение конвою, которого было 67 человек, перестрелять остальных … По его [Приемышева] заявлению <…> было перестреляно 714 заключенных. Нами по личным делам установлено, что среди этих заключенных более 500 человек являлись подследственными, и несмотря на это, без всяких оснований они все же были незаконно перестреляны”.
У гэтым жа дакуменце паведамляецца, што многія з вязняў былі асуджаныя па [4] Указе ад 26 чэрвеня 1940 года, які уводзіў 8-гадзінны працоўны дзень, 7-дзённы працоўны тыдзень і забараняў самавольна пакідаць працу. Згодна наступнага указа ад 17 ліпеня 1940 года, за самавольны пераход на іншую працу чалавека маглі арыштаваць на тэрмін ад 2 да 4 месяцаў, а за прагулы пакараць 6-месячнымі прымусовымі працамі па месцу працы з утрыманнем 25% заробку.
Як бачым, асноўная маса расстраляных была або ўвогуле не асуджанымі, або асуджанымі за дробязныя парушэнні працоўнай дысцыліны на тэрміны зняволення ў некалькі месяцаў. Аднак, нягледзячы на гэта, яны былі цынічна пазбаўленыя жыцця толькі з-за таго, што канвой спалохаўся нямецкага самалёта.
Сяржант дзяржбяспекі Прыёмышаў быў арыштаваны пракурорам Глінкам, аднак па загадзе сакратара ЦК КП(б) БССР Цімафея Панамарэнкі, які палічыў яго дзеянні правільнымі, вызвалены ў дзень заняцця немцамі Віцебска. На гэтым сляды ката Глыбоцкай турмы губляюцца.
Карэспандэнту “[7] ННВ” удалося паразмаўляць з адзіным жывым сведкам растрэлу, ураджэнцам вёскі Мікалаева Станіславам Паўлавічам Літоўка, якому на момант апісваемых падзей было 14 гадоў. З яго словаў, 26 чэрвеня 1941 года ён і яшчэ некалькі падлеткаў з Мікалаева працавалі на савецкім аэрадроме пад Улай. На аэрадром зрабіла налёт нямецкая авіяцыя, пад час якога моладзь разбеглася.
Падчас вяртання ў вёску яны сталі сведкамі, як праз мост пераходзіла калона цывільных людзей, якую канваявалі салдаты НКВД з прымкнутымі да вінтовак штыкамі. Падлеткам дазволілі пераправіцца праз Дзвіну толькі пасля праходу вязняў. Зняволеныя прайшлі перакрыжаванне і ўвайшлі ў адну з вуліц Мікалаева. Тут канвой загадаў ім легчы на зямлю. Жыхарам вёскі загадалі не выходзіць з хатаў, каля дзвярэй паставілі вартавых. Аднак нашаму субяседніку і некалькім яго сябрам удалося выбрацца на вуліцу і яны бачылі экзекуцыю.
Па ляжачых людзях канвой адкрыў агонь з кулямётаў, усталяваных на калёсах, і асабістай зброі. Параненых і тых, хто спрабаваў уцячы, забівалі штыкамі. Некаторым усё ж удалося вырвацца з ачаплення, а іншым — затаіцца сярод трупаў. Пасля экзекуцыі канвойныя хутка з’ехалі і выжыўшыя ноччу разышліся па лясах.
На наступны дзень прыехала новая каманда НКВД для арганізацыі пахавання забітых. Бацьку Станіслава Паўлавіча — Паўлу Літоўка — які быў мясцовым старшынём калгаса, загадалі выкапаць за вёскай 10 ямаў, куды на калёсах перавезлі целы.
Пад час нямецкай акупацыі была праведзеная эксгумацыя пахаванняў, пасля якой трупы быле перазахаваныя ў адной брацкай магіле. У працах былі задзейнічаныя мясцовыя жыхары, якія расказвалі, што целы былі ўжо моцна расклаўшыяся, і немцы для нейкіх даследванняў забіралі толькі галовы.
За савецкім часам месца пахавання занепадала, хаця старыя людзі загадвалі дзецям падсыпаць яго пяском. У 1982 годзе магіла ўяўляла сабой яміну глыбінёй ад калена. У 1990 годзе актывісты з віцебскага руху “Мартыралог Беларусі” ўсталявалі на гэтым жалобным месцы крыж, які асвяціў ксёндз. Пры гэтым прысутнічалі жыхары Нікалаева і вакольных вёсак. Пазней, стараннямі мясцовага пробашча і парафіянаў, быў пабудаваны жалезабетонны мемарыял з металічным крыжам. Зараз пахаваннем апякуецца малодшая сястра Станіслава Літоўкі Фаіна Паўлаўна і іх аднавяскоўцы. У гэтым жалобным месцы спыняюцца і служаць імшу пілігрымкі, якія ідуць у Будслаў.
У лесе каля Мікалаева ляжаць не ўсе ахвяры Глыбоцкай турмы, згодна некаторым сведчанням, якія прыводзяцца ў [10] кнізе Юзафа Мацкевіча “Катынь” пасля таго, як Беразвечча, дзе знаходзілася турма НКВД №28 занялі немцы, там было знодзена каля 4000 забітых вязняў.
Наладзілі экспедыцыю ў Мікалаева сябры БХД Уладзімір Сіманковіч і Віталь Созінаў. Таксама прысутнічалі старшыня секцыі “Мемарыял” Беларускага дабраахвотнага грамадства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык і актывісты дэмакратычнага руху Глыбоччыны.
--------------------------------------------------------------------------------
Article printed from Народныя навіны Віцебска: http://news.vitebsk.cc
URL to article: http://news.vitebsk.cc/2009/06/28/aposhni-shlyah-vyaznyaw-glyibotskay-turmyi/
URLs in this post:
[1] Image: http://news.vitebsk.cc/wp-content/uploads/2009/06/mikalajeva-magila-20090627-01.jpg
[2] дакладной запісцы: http://www.vitebsk.net/error.php?page=hist&sod=004_04_20051010
[3] Image: http://news.vitebsk.cc/wp-content/uploads/2009/06/mikalajeva-magila-20090627-03.jpg
[4] Указе ад 26 чэрвеня 1940 года: http://ru.wikisource.org/wiki/%D0%A3%D0%BA%D0%B0%D0%B7_%D0%9F%D1%80%D0%B5%D0%B7%D0%B8%D0%B4%D0%B8%D1
%83%D0%BC%D0%B0_%D0%92%D0%A1_%D0%A1%D0%A1%D0%A1%D0%A0_%D0%BE%D1%82_26.06.40_%D0%BE_%D0%BF%D0%B5%D1%8
0%D0%B5%D1%85%D0%BE%D0%B4%D0%B5_%D0%BD%D0%B0_%D0%B2%D0%BE%D1%81%D1%8C%D0%BC%D0%B8%D1%87%D0%B0%D1%81%
D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B9_%D1%80%D0%B0%D0%B1%D0%BE%D1%87%D0%B8%D0%B9_%D0%B4%D0%B5%D0%BD%D1%8C,_%D0%BD%
D0%B0_%D1%81%D0%B5%D0%BC%D0%B8%D0%B4%D0%BD%D0%B5%D0%B2%D0%BD%D1%83%D1%8E_%D1%80%D0%B0%D0%B1%D0%BE%D1
%87%D1%83%D1%8E_%D0%BD%D0%B5%D0%B4%D0%B5%D0%BB%D1%8E
[5] Image: http://news.vitebsk.cc/wp-content/uploads/2009/06/mikalajeva-magila-20090627-04.jpg
[6] Image: http://news.vitebsk.cc/wp-content/uploads/2009/06/mikalajeva-litowka-20090627-02.jpg
[7] ННВ: http://news.vitebsk.cc/
[8] Image: http://news.vitebsk.cc/wp-content/uploads/2009/06/mikalajeva-magila-20090627-05.jpg
[9] Image: http://news.vitebsk.cc/wp-content/uploads/2009/06/mikalajeva-magila-20090627-06.jpg
[10] кнізе Юзафа Мацкевіча “Катынь”: http://www.krotov.info/libr_min/m/mackiew5.html
<< Home