Аляксандр Мілінкевіч выступіў у Сейме Польшчы
Поўны тэкст выступу Аляксандра Мілінкевіча у Сейме Польшчы.
Хачу падзякаваць за атрыманую магчымасць прамаўляць перад Сеймам Рэчы Паспалітай. Для мяне гэта вялікі гонар прамаўляць перад дэмакратычна абраным парламентам дэмакратычнай і блізкай нам краіны.
Надзвычай важна тое, што палякі разумеюць сітуацыю Беларусі, што прадстаўнікі польскага народу ў Сейме вырашылі запрасіць у Сейм дэмакратычную беларускую апазіцыю, паказваючы гэтым самым, што палякі маюць намер дапамагаць дэмакратызацыі Беларусі гэтак жа паслядоўна, як некалі змагаліся за дэмакратыю ва ўласнай дзяржаве. Інкарпарацыя Беларусі ў Расейскую імперыю адбілася трыма паўстаннямі, якія адбываліся пад заклікам “За нашую і вашую вольнасць!”. Мой прадзед удзельнічаў у апошнім з гэтых паўстанняў. Паўстанцы разумелі: калі суседні народ у няволі, дык і мой народ не будзе вольны.
Мы разам змагаліся за нашую незалежнасць, за Вашую і Нашую свабоду, плячо да пляча, баронячы гонар і Бацькаўшчыну да апошняй кроплі крыві. Палякі ніколі не кідалі марыць пра ўласную свабоду, свабоду сваёй Айчыны і вам удалося. Сёння Польшча ёсць незалежнай дзяржавай, дэмакратычнай і квітнеючай краінай. Беларусы надалей змушаныя біцца за ўласную незалежнасць, уласны гонар, уласную Айчыну. Маем перад сабой красамоўны прыклад паспяховага змагання і ніколі не адмовімся ад уласных адвечных мараў, ад ідэалаў незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай дзяржавы Беларусі. Дэмакратызацыя Польшчы паказала нам, што значыць сфармаваная і адказная грамадзянская супольнасць. Год таму мы назіралі салідарнасць палякаў з дэмакратычнымі пераменамі на Украіне. Тут, у Польшчы, бачым як працуюць палітычныя эліты, якія маюць пачуццё адказнасці за ўласную краіну і за ўласны народ. Назіраем палякаў, якія цешацца ўласнай вольнасцю, якія дачакаліся спаўнення ўласных мараў развіцця і дабрабыту. Сённяшнія беларускія ўлады лічаць, што гэта дрэнны прыклад. І робяць усё, каб беларусы ніколі не даведаліся пра гэты паспяховы прыклад – блакуюць польскія радыё і тэлебачанне, спрабуюць маніпуляваць польскай супольнасцю на Беларусі і запалохваць яе актывістаў, не пускаюць польскіх дэпутатаў і журналістаў праз мяжу.
Вось ужо больш за дзесяць год Беларусь вяртаецца ў мінулае, найперш да самаізаляцыі часоў Савецкага Саюза, стагнацыі часоў Брэжнева, а цяпер і да рэпрэсій сталінскіх часоў. Якой будзе наступная фаза – можна толькі здагадвацца і прагназаваць. Цяпер мы перажываем дээвалюцыю, вычварэнскае развіццё нашай гісторыі. Мы ўжо даўно не пытаемся, што такое страх, бо ім нас спрабуюць апаноўваць штохвіліну і на кожным кроку. Ужо з цяжкасцю прыгадваем сабе, што такое свабода слова, бо адкрытае казанне праўды пра сітуацыю ў краіне сёння караецца артыкуламі Крымінальнага кодэксу, такімі як, напрыклад, “дыскрэдытацыя дзяржавы”. Мноства людзей большыя альбо меншыя тэрміны сядзелі ці сядзяць у турмах. Фармальна, безумоўна, не за палітыку, але ўсе разумеюць, якую задачу ставіць перад сабой улада: сеяць страх у душах.
У Беларусі няма ніводнага універсітэта з беларускай мовай навучання, гвалтоўна змяншаецца колькасць беларускіх класаў у сярэдніх школах. Зачынены ўладамі адзіны беларускамоўны ліцэй. І гэта ўсё робіцца ў краіне, дзе 48 адсоткаў людзей карыстаецца штодзённа беларускай мовай, а 74 адсоткі лічаць беларускую мову роднай. Культура перажывае нечуваную дагэтуль стагнацыю. Акрамя таго, што радыё і тэлебачанне абавязаныя перадаваць у эфір 75% беларускай музыкі, ёсць “чорны спіс” музыкаў, якія знаходзяцца ў апазіцыі да рэжыма. Перадаванне музыкі гэтых аўтараў у эфір забароненае. Саюз пісьменнікаў, які аб’ядноўвае найбольш паважаных паэтаў і пісьменнікаў Беларусі, з прычыны таго, што крытычна ацэньвае сённяшнюю ўладу, быў змаргіналізаваны праз стварэнне паслухмянай уладам пісьменніцкай арганізацыі.
У Беларусі няма ніводнага незалежнага тэлевізійнага канала ці радыёстанцыі, якая б дазваляла сабе хаця б самую ціхую крытыку ўладаў. Тыднёвы наклад усіх незалежных газет меньшы, чым аднадзённы наклад галоўнай праўладнай газеты “Савецкая Беларусія”. Гаспадарка надалей знаходзіцца ў дзяржаўных руках – толькі 20% унутранага валавага прадукта сёння прадукуецца прыватным сектарам, які зрэшты не можа існаваць, калі не звязаны з уладамі. Незалежных ад улады прадпрымальнікаў цісне адміністрацыя і даводзіць да банкруцтва, альбо да поўнай лаяльнасці і падпарадкаванню патрэбам улады. Сярэдняя зарплата каля 150 даляраў, а кошты на прадукты і камунальныя паслугі такія самыя, як у Польшчы. Калі толькі беларусы пачалі ездзіць да Польшчы па прадукты, улада адразу ж увяла абмежаванне на ўвоз гэтых прадуктаў.
Замежныя стусункі Беларусі сёння не развіваюцца. Скандал з польскай супольнасцю, абвінавачванне Літвы ў падрыхтоўцы звяржэння беларускага ўраду, абраза ў бок прэзідэнта Юшчанкі ў тым, што ён марыянетка Захаду. Нават стасункі з Уладзімірам Пуціным знаходзяцца ў найбольш халодным пункце хіба за ўвесь час прэзідэнцтва расейскага палітыка. Апошняе пагадненне пра нізкія кошты на газ не з’яўляюцца вынікам добрых адносінаў з Расеяй, а толькі тым, што кантроль над беларускай сеткаў газапровадаў перададзены расейцам узамен за падтрымку Лукашэнкі Крамлём на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах. Еўрасаюз падаецца беларускай прапагандай як край дзікага капіталізму, у якім людзі спяць на вуліцах, жабруюць і грэбаюцца ў сметніках, дзе грамадзяне забіваюць адзін аднаго пасярод светлага дня. Злучаныя Штаты, якія атаясамляюцца прапагандай з НАТО, ёсць месцам найбольшага зла для “сінявокай Беларусі”, і калі б не Лукашэнка, даўно б зрабілі з Беларусі калонію, як зрабілі калонію з Польшчы ці з прыбалтыйскіх краінаў.
Улада ў любой сістэме абапіраецца на людзей. Гэта людзі маюць права выбіраць уладу ці змяняць яе. Беларускія дэмакратычныя сілы хочуць бачыць Беларусь адкрытай і незалежнай беларускай дзяржавай, у якой шануецца годнасць кожнага чалавека. Усе здаровыя дэмакратычныя сілы ў маёй дзяржаве аб’ядналіся на платформе свабоды, дэмакратыі і незалежнасці. Партыя Беларускага Народнага Фронту, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Партыя камуністаў Беларуская, Сацыялдэмакратычныя Грамада, Партыя Працы, Партыя Зялёных, Партыя жанчын “Надзея” былі падтрыманыя грамадскімі арганізацыямі ды ініцыятывамі.
Вынікам гэтага аб’яднання стаўся Кангрэс Дэмакратычных Сіл, якія адбыўся на пачатку кастрычніка 2005 года і сабраў 1200 удзельнікаў. Яны прадстаўлялі ўсе беларускія рэгіёны, усе дэмакратычныя партыі, прафсаюзы, і амаль 200 неўрадавых арганізацый. Ад часу, калі Лукашэнка ў 1996 годзе разагнаў дэмакратычна абраны Парламент, Беларусь не ведала падзеі такога высокага ўзроўню легітымнасці.
Не зважаючы на запэўнены сацыяльны мінімум, беларусы змучаныя жыццём у пагардзе. Беларусы сёння скутыя страхам. Першай задачай дэмакратычных сіл ёсць пераламанне гэтага страху, а таксама павелічэнне актыўнасці людзей з дапамогай інфармацыйнай кампаніі і падтрымка іх самаарганізацыі. Толькі ў гэтым выпадку не адбудзецца сцэнар сфальшаваных псеўдавыбараў, якія вядуць да чарговай запраграмаванай “элеганцкай перамогі” Лукашэнкі. Хацеў бы падкрэсліць – мы не спадзяемся, што тое, што адбудзецца 19 сакавіка ў Беларусі, будзе тым, што ва ўсім свеце называецца выбарамі. Але, між тым, маем шансы змусіць улады да празрыстых і дэмакратычных выбараў.
Кажу гэта, як прадстаўнік шырокай кааліцыі ўсіх тых сіл, якія хочуць вярнуць маю дзяржаву да вялікай сям’і дэмакратычных народаў свету. Наша сіла ў адзінстве і толькі адзінства можа стацца падмуркам перамогі. Будзем шчаслівыя, калі ўсе тыя, каму неабыякавы лёс Беларусі, хто падзяляе нашыя каштоўнасці і бачаць Беларусь дэмакратычнай, далучацца да нашай шырокай кааліцыі. Разам нам будзе лягчэй.
Вяртанне Беларусі на шлях свабоды і дэмакратыі ёсць абавязкам саміх беларусаў, аднак таксама лічым на падтрымку з боку дэмакратчыных краінаў свету. Скаардынаваныя дзеянні ўсіх тых, якія хочуць бачыць Беларусь свабоднай, неабходныя ў наступных накірунках:
- пашырэнне абсягу альтэрнатыўнай інфармацыі, вольнай ад цэнзуры ўлады ў Менску;
- салідарнасць з актывістамі дэмакратычнага руху, рэпрэсаванымі за палітычныя погляды, асуджанымі да турмаў, пакаранымі грашовымі штрафамі, звольненымі з працы ці выкінутымі з універсітэтаў;
- падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў, здольных прафесійна выконваць свае абавязкі ў новай дэмакратычнай Беларусі;
- адкрытасць дэмакратычнага свету для звычайных беларускіх грамадзянаў, дзякуючы аблягчэнню візавага рэжыму, і адначасова ўзмацнення гэтага візавага рэжыму для тых, хто вінаваты ў рэпрэсіях і нішчэнню правоў чалавека.
Да Польшчы як суседкі, блізкай, звязанай з Беларуссю стагоддзямі супольнай гісторыі, пераважная большасць беларусаў ставіцца з сімпатыяй. Таму мы зычым палякам і Польшчы поспеху. Ваш поспех дае нам прыклад, што толькі свабода, незалежнасць і дэмакратыя спрыяюць рэалізацыі патэнцыяла народа. Мусім таксама памятаць, што маем унікальную магчымасць пабудовы мастоў паразумення з дапамогай меншасцяў – беларускай у Польшчы і польскай у Беларусі. Гарантыя захавання моўна-культурнай і рэлігійнай самасвядомасці, магчымасці навучання ў роднай мове, гаспадарчае развіццё регіёна, заселенага этнічнымі беларусамі ў Польшчы служаць добрым аргументам на карысць дэмакратычнай сістэмы. З свайго боку запэўніваю, што па вяртанні Беларусі на шлях свабоды, польская меншасць у Беларусі замест пераследу будзе мець поўную падтрымку з боку дэмакратычнай беларускай дзяржавы.
Дыктатар ніколі не марыў пра адкрытую і дэмакратычную Беларусь. Для яго не было важнейшай справы, як татальны кантроль над грамадствам, на думкамі людзей ды іх лёсам. Аднак беларусы зразумелі – свабода і дэмакратыя могуць быць дасягнутыя, яны на адлегласці выцягнутай рукі. Патрэбная толькі магутнае жаданне быць свабодным.
0 Comments:
Дописати коментар
<< Home