Сяргей Кажан:
«У БНП я з жнiўня 1944-га...»
— Скуль пайшла Ваша беларускасьць? Напэўна, былi якiясь вытокi — падзеi, выпадкi, арганiзацыi, альбо людзi, якiя паспрыялi абуджэньню Вашай нацыянальнай сьвядомасьцi.
— Тады трэба пачынаць з «Кола вясковай моладзi» (па-польску арганiзацыя называлася «Кола млодзежы вейскей»). Пад той час мы былi пад Польшчаю. Таму i арганiзацыi павiнны былi быць як бы польскiмi. «Кола» пачало працаваць недзе ў 1936 годзе i праiснавала, напэўна, да 1938 году, цэнтар арганiзацыi быў у Глыбокiм. Мы арганiзоўвалi курсы дадатковае асьветы, ладзiлi пастаноўкi, зьбiралiся пасьпяваць, пагутарыць, правесьцi разам час. Арганiзацыя аб’ядноўвала моладзь 18-19-гадовага ўзросту. Павятовая ўлада выдзяляла iнструктара, якi вёў заняткi, забясьпечвала памяшканьнем. У той час большасьць з нас жылi па хутарох. Таму праблема, дзе сабрацца, была актуальнай. У нашых мясьцiнах была розная моладзь, была й такая, што iмкнулася правесьцi вольны час iнакш — напiцца, падзебашырыць, але ад iх мы адасоблiвалiся. Яны нас не чапалi, мы iх таксама. У нас была, калi так можна сказаць, перадавая моладзь. Гэта браты Янцэвiчы, iх было ажно чатыры, Зуi — старэйшы Мiхась быў нашым лiдэрам, а пазьней стаў вядомым дзеячом беларускай эмiграцыi, Вязiцкiя, Дземiдовiчы зь Ёдаў i iншыя. Янцэвiчы былi з заможнай сям’i, мелi 100 гектараў зямлi, каталiкi, але паўсюль размаўлялi па-беларуску. Я ў iх бачыў каталiцкiя кнiгi, выдрукаваныя беларускай моваю ў Вiльнi ксяндзом Адамам Станкевiчам. Быў сярод нас i Мiхась Машара. Тады ён быў з намi, гэта пазьней ён зьвязаўся з камунiстамi. Вось у гэтай арганiзацыi i адбывалася нацыянальна-адукацыйная праца. Мы чыталi беларускiя кнiжкi й пэрыёдыку, знаёмiлiся з гiсторыяй Беларусi. Вядома, не на занятках з iнструктарам, а падпольна, у сваiм коле.
— Як Вы сустрэлi Саветы? Цi чакалi iхнага «вызваленьня»?
— У 1938 годзе мяне прызвалi ў польскую армiю. Служыў я ў Варшаве. Хоць я й не паляк, але ўлада была польская, i мы мусiлi ёй падпарадкоўвацца, як раней падпарадкоўвалiся Маскве, а зараз Лукашэнку. Вайну зь немцамi сустрэў у абароне Варшавы. Патрапiў у палон да немцаў. Паўтары месяцы нас пратрымалi ў палоне, а затым распусьцiлi па хатах. Дамоў вярталiся ўжо ў Саветы. Спачатку нас Саветы не прынялi. Спыталi: «Дзе сьпiсы?» Сьпiсаў не было. Накiравалi на нейкае лётнiшча ствараць сьпiсы. Затым ля мяжы кожнага выклiкалi па тых сьпiсах i пераводзiлi праз гранiцу. Прыканцы яшчэ раз спыталi ўсiх разам, цi ўсе пераходзяць у Саветы па сваiм жаданьнi. Пашыхтавалi i павялi. Па вяртаньнi ў родную вёску мною адразу зацiкавiўся НКВД. Пачалi высьвятляць, цi ня польскi я шпiён. Выпытвалi, навошта мяне сюды прыслалi. Аднак усё абышлося. 40-ы год прайшоў спакойна.
— Зь якога году па нямецкай акупацыi ў Вашых мясьцiнах пачалi стварацца беларускiя арганiзацыi?
— У 1942 годзе на Шаркоўшчыне i Глыбоччыне, па загаду з Масквы, пачаўся партызанскi рух. У нашай сям’i гэтыя абаронцы беларускага народу забралi карову i каня. Вёскi рабаваў хто хацеў. У 1942 годзе ў Глыбокiм быў арганiзаваны курс беларускай самааховы. Пачала стварацца Беларуская самапомач. Я быў мабiлiзаваны на курсы самааховы, бо вайсковую справу ўжо ведаў. У Глыбокiм правучыўся зь месяц. Аднак зброю нам немцы не далi. Пад Новы год, з 1942 на 1943 год, я быў прызначаны кiраўнiком Беларускай самапомачы ў Браслаў — прызначэньне прыйшло з Глыбокага. Гэта была гаспадарчая арганiзацыя, у нашыя абавязкi ўваходзiла дапамагаць людзям харчамi, вопраткай, вырашаць iншыя гаспадарчыя справы. Як толькi я прыехаў у Браслаў, я над управаю ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг. З Глыбокага нам перадалi значкi — бел-чырвона-белыя сьцяжкi, якiя пачала насiць амаль уся мясцовая моладзь. Стварыўся Саюз Беларускай Моладзi. Аднак на шляху беларускай справы станавiлся палякi. Тыя, што сядзелi ў гмiнах-воласьцях пры Польшчы, пры немцах зноў паўлазiлi ў кiраўнiцтва. Аднак у Браславе мы трымалi беларускую лiнiю. Старшынём воласьцi быў шчыры беларус Забароўскi. Школьным iнспэктарам — Дварэцкi. Праз Дварэцкага я трымаў сувязь зь Езавiтавым, якi жыў у Рызе. Ён прысылаў нам лiтаратуру, а я яе распаўсюджваў. 25 сакавiка 1943 году я арганiзаваў урачысты мiтынг з нагоды Дня незалежнасьцi, сам першы на iм выступiў. Празь Езавiтава мы рыхтавалiся наладзiць у Браславе канцэрт Забэйды-Сумiцкага. Для гэтага трэба было сабраць 20 тысячаў акупацыйных марак ганарару. Усё было зроблена — сабраныя грошы, падрыхтаванае памяшканьне. Але канцэрт чамусьцi не адбыўся.
— Калi Вы ўпершыню пазнаёмiлiся з Усеваладам Родзькам?
— У 1944 годзе я атрымаў запрашэньне прыехаць у Вiльню на пэўны адрас i ўзяць з сабой надзейных хлапцоў. У Вiльнi я й сустрэў упершыню Родзьку. Гэта быў сакавiк-красавiк 44-га. Прыехалi хлопцы зь iншых мясьцiнаў — Шаркоўшчыны, Глыбоччыны. Перад намi выступiў сам Родзька. Ён сказаў, што лепшых беларускiх людзей мэтанакiравана забiваюць. Праз актыўны ўдзел палякаў. Таго чалавека, якi ў гутарках i справах стаяў за беларускi шлях, палякi выстаўлялi немцам як камунiста, а тыя яго зьнiшчалi. Гэтак было i на Браслаўшчыне. У нас падобным шляхам забiлi трох кiраўнiкоў сельскiх ячэек самапомачы — у Дрысьвятах, Плюсах i пад Замошшам. У Дрысьвятах палякi нават самi забiлi нашага чалавека — сьвятара: прыйшлi ноччу й забiлi. Таму Родзька казаў, калi мы не арганiзуемся i ня створым вайсковыя адзiнкi, нас усiх пазабiваюць. Ён прапанаваў стварыць сваю армiю неадкладна, фармаваць вайсковыя адзiнкi i йсьцi ў лес, ладзiць сваю партызанку. У нашых мясьцiнах ужо дзейнiчала Армiя Краёва. Беларусаў яна таксама не шанавала. Такiм чынам, я быў залiчаны ў збройную групу Родзькi.
— Як прайшоў Ваш удзел у II Усебеларускiм Кангрэсе?
— З Браслаўшчыны былi запрошаныя на Кангрэс каля васьмi чалавек. У тым лiку й я. Мы сабралiся разам i паехалi ў Менск. Перад Кангрэсам мяне паклiкаў Родзька на кватэру, у якой ён спынiўся. Заходжу, а там ужо шмат людзей. Мiхась Зуй, Янка Гiнько, Юрка Луцкевiч, усяго недзе 12-15 чалавек. У той час я яшчэ ня быў сябрам Беларускай Незалежнiцкай Партыi, але мяне запрасiлi на гэтую нараду. Родзька сказаў, што заўтра пачнецца Кангрэс. На iм будзе ўздымацца пытаньне адлучэньня Беларусi ад Савецкага Саюзу i абвяшчэньня незалежнасьцi. Я павiнен узначалiць збройную групу. I калi што здарыцца, дзейнiчаць па загаду. Мы таксама павiнны былi ахоўваць сяброў Цэнтральнай Рады. Аб чым iшла гаворка на нарадзе далей, я ня ведаю. Атрымаўшы iнфармацыю, я сышоў. У мяне была група 15 чалавек. Праўда, па ўваходзе ў тэатар усiм зрабiлi шмон, нашыя пiсталеты паадбiралi — зброю вярнулi толькi пасьля заканчэньня Кангрэсу.
Добра памятаю той дзень. Пачынаецца Кангрэс — выступае Астроўскi. Тэатар поўны, у iм больш за 1000 дэлегатаў. Астроўскага сустракаюць гучнымi воклiчамi «Хай жыве наш Прэзыдэнт!», «Хай жыве Астроўскi!», кiдаюць кветкi. Выступалi таксама Калубовiч, Шкялёнак, мiтрапалiт Малафееў, iншыя. На другi дзень Кангрэсу аб’явiлi аб выхадзе Беларусi са складу СССР. Прагаласавалi адзiнагалосна. Але ў тыя днi Чырвонае войска ўжо было зусiм блiзка ад Менску. Увесь час была чутна артылерыйская кананада. Пачыналася эвакуацыя. Наша браслаўская дэлегацыя: я, Забароўскi, Пецюкевiч, Дварэцкi i яшчэ адзiн чалавек, ня памятаю ягонага прозьвiшча, — вырашыла дабiрацца да Браслава празь Вiльню. Дабралiся да Дукштаў. З Дукштаў была вузкакалейка на Браслаў. Пераселi на яе. Каля Опсаў цягнiк спынiўся — шлях перакрыла барыкада. Машынiстам цягнiка быў паляк, я ведаў, што ягоны сын сышоў у лес да акаўцаў. Дык вось нас перастрэлi акаўцы. Iх камандзiр, памятаю, такi тоўсты паляк, крычыць: «Зрабiць рэвiзiю вагонаў! Жандармэрыя —спраўдзiць дакумэнты!» Нас пяцёх хутка вылiчылi, было каму паказаць. Камандзiр дае загад расстраляць. «Стаць на каленi!!!» Мы становiмся. Але людзi зь цягнiка пачынаюць крычаць: «А што ж вы робiце! Забойцы!» Тады камандзiр прызначае нам новую кару. Двадцаць пяць мэталёвых шампалоў. Пасеклi, курвы, нам заднiцы. Вось так i вярнулiся ў Браслаў з Кангрэсу.
— Вы, пэўна, разумелi, што заставацца ў Браславе нельга, Саветы не даруюць.
— Мы дабралiся да Дзьвiнску, селi там на цягнiк i недзе 30-га чэрвеня былi ў Вiльнi. На вакзале сустрэлi Родзьку. Я далучыўся да iх групы. Мы заладавалiся на цягнiк. Але яго ноччу разбамбiлi. Тады патрапiлi на другi. Даехалi да Вялiкавiшкаў i спынiлiся. Разладавалiся, знайшлi памяшканьне. Сюды пачалi прыбываць усё новыя й новыя ўцекачы. Нас сабралася чалавек 100. Тады мы пераехалi ў Дальвiц. Тут раней быў нейкi лягер нямецкай вайсковай моладзi, яго й аддалi нам. Мы ўсталявалiся ў гэтым лягеры. Неўзабаве да нас далучыўся i Барыс Рагуля са сваiмi людзьмi. Iх было чалавек 20-30. У лягеры мы пачалi займацца вайсковай падрыхтоўкай i шкаленьнем. У жнiўнi 1944 году ў батальёне «Дальвiц» я даў прысягу служыць i змагацца пад бела-чырвона-белым сьцягам, такiм чынам я ўступiў ў Беларускую Незалежнiцкую Партыю. Неўзабаве найбольш здатных вайскоўцаў вызначылi на афiцэрскае шкаленьне. Курс навучаньня праходзiлi 20-30 жаўнераў. Патрапiў на яго й я. Наш батальён у той час налiчваў каля 300 чалавек. Пад восень 1944 году ў Налiбоцкую пушчу была скiнута з самалёту група, недзе 20 дэсантнiкаў. Але вестак пра яе мы так i не атрымалi.
Калi выпаў першы сьнег, батальён вырушыў у бок Бэрлiну. Рагулi з намi на той час ужо не было, ён не паразумеўся зь немцамi i з Родзькам i некуды зьехаў. Перазiмавалi мы на поўначы ад Бэрлiну. У той час я ўжо быў старшынём роты. У мае абавязкi ўваходзiла пашыхтаваць людзей, здаць рапарт, iншыя клопаты старшынi. Раньняй вясной 1945 году мяне накiравалi ў камандыроўку ў працоўныя лягеры вербаваць добраахвотнiкаў у наш батальён. Прыяжджаю ў лягер, праводжу мiтынг, забiраю добраахвотнiкаў. Немцы аддавалi. У прыватных гутарках тлумачыў: наша задача — ваяваць за Беларусь. Мне пярэчаць, ды як жа ж, вайна ўжо вось-вось скончыцца. Тады я казаў, што, маўляў, даўно было вядома, што немцы вайну прайграюць. Саветы пруцца на захад. Тут iх сустрэнуць амэрыканцы й пагоняць назад. Пачнецца другая вайна. Вось у ёй мы й павiнны ваяваць за Беларусь. У гэтай вайне Саветы сканаюць. Эўропай завалодаюць Амэрыка й Англiя. I яны будуць вырашаць лёсы народаў. Прыводзiў прыклад Першай сусьветнай вайны, пасьля якой усе палiтычныя ўмовы дыктавала Англiя, менавiта зь яе дазволу Польшча захапiла Заходнюю Беларусь. Той, хто актыўна ваяваў, хутка вымотваўся й прайграваў, як тады Расея й Нямеччына. А iншыя пажыналi плады. Таму наша задача — чакаць часу, калi Беларусь паклiча баранiць сябе.
Гэта была стратэгiя Родзькi. З-за гэтае пэрспэктывы нашае барацьбы я й пайшоў да яго. Я наведаў 3-4 лягеры. Набраў 50 чалавек добраахвотнiкаў. Па вяртаньнi атрымаў дыплём лейтэнанта. Затым Родзька перадысьлякаваў батальён у Судэцкiя горы ў Чэхii, дзе мы пачалi чакаць пачатку новай вайны. Але ў вынiку атрымалася ня тое, на што мы спадзявалiся. Бальшавiкi сустрэлiся з амэрыканцамi й пачалi цалавацца. Мы пра гэта пачулi па радыё. Кiраўнiцтва батальёну вырашыла прабiвацца да амэрыканцаў. На нашым шляху аказалiся чэскiя партызаны. Родзька паехаў да iх на перамовы. Далей батальён рухаўся пад кiраўнiцтвам Гелды. У невялiчкiм мястэчку, здаецца, Райханаў, нашая калёна, гэта чалавек 500, нос у нос сустрэлася з калёнай чэскiх паўстанцаў, якраз на рынкавай плошчы. Нам прапанавалi здаць зброю. I Гелда даў загад раззброiцца. Затым выйшлi зь лесу, селi ля дарогi. Калi прыехаў Родзька, было ўжо позна. Ён страшэнна раззлаваўся. Але нiчога ўжо не паробiш. Батальён разьбiўся на групы, якiя самастойна пачалi прабiвацца на захад. Я патрапiў на адмысловы савецкi зборны пункт, там сказаў, што быў вывезены на захад у працоўны лягер. Мяне залiчылi ў запасны полк, рабочую групу. У iм я быў да восенi 1945 году. Калi нас павезьлi ў Кiеў, расфармiроўваць, я зьбег па дарозе i аб’явiўся ў родных мясьцiнах. Тут, у 1946, i быў арыштаваны.
Прывезьлi ў Полацак, сядзеў у турме НКВД — у будынку, у якiм зараз «хуткая дапамога», на сёньняшняй плошчы Свабоды. Полацак у той час быў абласны горад, тут знаходзiўся абласны НКВД. Паўгода адседзеў у падвале, тры месяцы «ў цёмнай», у адзiночцы. Допыты праводзiлi капiтан Ганчароў i палкоўнiк Драздоў. Спачатку я ўсё адмаўляў. Нiякай БНП ня ведаю, з Родзькам не знаёмы, у Кангрэсе ня ўдзельнiчаў, у Дальвiцы ня быў. Аднак неўзабаве мне паказалi пратакол допыту Родзькi, дзе сярод пералiчаных сяброў БНП было й маё прозьвiшча. 29 чэрвеня 1946 году адбыўся суд, на якiм я атрымаў 10 гадоў лягеру.
Адразу пасьля суду мяне перавялi ў задзьвiнскiя кляштарныя муры, зараз там вар’ятня. Тут сядзелi ўсе: крымiнальнiкi, палiтычныя, бытавiкi. Затым павезьлi на этап — Ворша, Менск, Iнта. На шахтах Iнты я сустрэў шмат каго з нашага батальёну, iншых нацыяналiстаў, у прыватнасьцi, Льва Бялевiча з Саюзу Беларускiх Патрыётаў, зь якiм я прыехаў у Iнту адным эшалёнам. Сустрэў Янку Гiнько, Кастуся Шышэю з эскадрону Рагулi, шэсьць гадоў я ня маю ад яго вестак, калi ён жывы, дык яго можна знайсьцi ў Вiльнi. Вызвалiўся я на год раней, год скасавалi за ўдарную працу. Па вызваленьнi застаўся працаваць на шахтах Iнты. У 1956 годзе па амнiстыi зь мяне зьнялi судзiмасьць i паражэньне ў правох. Я атрымаў пашпарт i выехаў на Бацькаўшчыну. У родных мясьцiнах мясцовае кiраўнiцтва жыць не дазволiла — загадалi пакiнуць раён на працягу 24 гадзiнаў. На заробленыя ў шахце грошы я набыў дамок у Полацку. Працаваў вартаўнiком — спачатку на фабрыцы мастацкiх вырабаў, затым на пiўзаводзе, апошнi час перад пэнсiяй — рабочым станцыi юнатаў.
— Раскажыце пра Вашага зямляка, Мiхася Зуя.
— Гэта быў сапраўдны патрыёт сваёй Бацькаўшчыны. Мы паходзiлi з адной вёскi. Ён быў старэйшы за мяне. Мiхась нарадзiўся ў моцнай сям’i. Яго бацькi, Мiхась i Алена, мелi чатырох дзяцей: дзьве дачкi, Лёня i Лiда, i два сыны, Мiхась i малодшы Мiкола. Праваслаўныя. Бацька адправiў Мiхася вучыцца ў Вiленскi ўнiвэрсытэт, там ён вывучаў сельскую гаспадарку. У 1943 годзе быў старшынём воласьцi ў Германавiчах. У 1944-м — кiраўнiк раённай управы ў Шаркоўшчыне. Удзельнiк II Усебеларускага Кангрэсу. Калi нас раззброiлi ў Чэхii, ён застаўся ў групе з Родзькам. Яны дайшлi да Польшчы. Там Родзьку злавiлi, а Мiхась схаваўся ў сястры. Напрыканцы вайны ўся ягоная сям’я пакiнула родную вёску i зьехала ў Польшчу. Дзякуючы грошам бацькi, Мiхася морам, на караблi з Гдынi, перавезьлi ў Нямеччыну, у ангельскую зону. Быў у беларускiм лягеры ў Ватэнштэце, затым, у 1949-м годзе, апынуўся ў Аўстралii. Узнагароджаны трыма мэдалямi: «Беларускiя Вэтэраны на чужыне», «Беларуская Краёвая Абарона», «Жыве Беларусь». На 19-м Пленуме БЦР быў абраны ў Выканаўчы Камiтэт як Прэзыдэнт БЦР. Апошнiя гады ягонага жыцьця, а памёр Мiхась у 1995 годзе, мы зь iм актыўна лiставалiся.
А адшукалiся мы такiм чынам. У маёй жонкi жыў брат у Польшчы. У 1972 годзе ён запрасiў нас у госьцi. Мы з жонкай падалi паперы на атрыманьне замежных пашпартоў. Ёй пашпарт далi, а мне не. Кажуць, вы не расьпiсаныя, i таму ня маеце права ехаць па запрашэньнi чужых людзей. Прыйшлося iсьцi ў iхны бальшавiцкi загс. Урэшце рэшт мяне выпусьцiлi ў Польшчу. Там я здолеў навесьцi кантакты зь сям’ёй Зуёў. Яны сустрэлi мяне як сваяка. Ад iх я даведаўся адрас Мiхася. Напiсаў яму лiст. Ён вельмi ўзрадаваўся маёй вестачцы. Пачаў мне адказваць. Я яму лiст, ён мне пяць. Дасылаў вiншаваньнi са сьвятамi Слуцкага паўстаньня i Дня незалежнасьцi, афiцыйныя, зь пячаткаю Прэзыдэнта БЦР.
Зараз застаецца толькi марыць, што наш, бел-чырвона-белы, сьцяг зноў залунае адкрыта i годна, а Беларусь стане гэткай жа паважнай дзяржавай, як iншыя цывiлiзаваныя эўрапейскiя краiны.
Гутарыў Алесь Козiк
0 Comments:
Дописати коментар
<< Home