Горадня: арыштам пакаралі яшчэ шэсьць чалавек
аўторак, 21 сакавіка 2006, 16:36
Горадня: арыштам пакаралі яшчэ шэсьць чалавек
Радыё Свабода
На 12 сутак арышту асудзілі журналіста, актывіста Саюзу палякаў Анджэя Пісальніка, на 10 сутак — спадароў Анісімовіча й Жалудка, на 7 сутак спадара Клімчука. Усіх пакаралі паводле артыкулу 167 Адміністрацыйнага кодэксу — за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе.
На 10 сутак арыштавалі Аляксея Радса, але паводле абвінавачаньня ў дробным хуліганстве, і на 10 сутак — актывіста Саюзу палякаў Ігара Банцара, які быў затрыманы пазьней: яго абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.
Пратаколы сёньня ў Ленінскім раённым судзе разглядаліся амаль аднолькавыя: учора ў гарадзкім парку Жылібэра сабраліся ўдзельнікі несанкцыянаванага сходу, і на прапанову разысьціся не рэагавалі. Таму самых актыўных затрымалі. Дарэчы, у пастарунак спачатку даставілі нават дзьвюх школьніц, якім было па 16 гадоў. Адна зь іх мне сказала, што потым выклікалі іх клясную кіраўніцу, і дзяўчат адпусьцілі.
Анджэя Пісальніка ўчора выпусьцілі на волю пасьля пяці дзён арышту, а празь некалькі гадзін зноўку затрымалі. Мне давялося быць сьведкам разгляду ягонай справы. Паводле міліцэйскага рапарту, у парку сабралася чалавек пятнаццаць з балёнчыкамі сіняга колеру й значкамі “За свабоду”. Віна Анджэя Пісальніка — засьведчылі ў судзе міліцыянты — у тым, што размаўляў зь людзьмі ў парку й адмовіўся адтуль сысьці. Сам жа затрыманы сказаў суду, што пратакол складзены на падставе хлусьлівых выдумак міліцыянтаў, і ён расцэньвае такія дзеяньні як перасьлед за перакананьні.
Ігара Банцара затрымалі асобна. У судзе ён патлумачыў, што, спаткаўшы на вуліцы капітана Ленца, усяго толькі пацікавіўся, чаму паўторна затрымалі Анджэя Пісальніка. Тут жа ззаду падышлі два іншыя міліцыянты й затрымалі яго самога: маўляў, нецэнзурна лаяўся.
Пісальніка, Радса, Клімчука й Банцара пакарала арыштам судзьдзя Наталя Козел, а спадароў Анісімовіча й Жалудка — судзьдзя Дзьмітры Мацяюк.
*** У той жа час сёньня ў Горадні выпусьцілі з-за кратаў чатырох актывістаў
На волю выйшлі Сяргей Мальчык — давераная асоба А.Мілінкевіча — ды актывісты ягонай выбарчай кампаніі Віктар Сазонаў і Максім Губарэвіч, а таксама намесьнік старшыні Саюзу палякаў Юзаф Пажэцкі. Усе яны адседзелі па сем сутак паводле абвінавачаньня за нецэнзурную лаянку.
0 Comments:
Дописати коментар
<< Home