З Гарадзенскага ўнівэрсытэту адлічылі студэнта філялёгіі
З Гарадзенскага ўнівэрсытэту адлічылі студэнта філялёгіі
20.03.2007 12:37 www.hrodna.by
З Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы адлічылі студэнта трэцяга курса факультэту беларускай філялёгіі Зьміцера Цесьлянка. Афіцыйна прычына — за непасьпяховасьць.
На выбарах у мясцовыя саветы, якія прайшлі ў студзені гэтага году, Цесьлянок балятаваўся ў дэпутуты Мастоўскага раённага савету. Ён досыць актыўна ўдзельнічае ў грамадзка-палітычным жыцьці Гарадзеншчыны, у сувязі з чым заўсёды мае пэўныя праблемы як з прадстаўнікамі праваахоўных ворганаў, так і з кіраўніцтвам унівэрсытэту.
Неаднойчы дэкан факультэту і намесьнік рэктара па выхаваўчай працы Тацьцяна Бадзюкова праводзіла зь ім прафіляктычныя размовы. Нягледзячы на ціск, Цесьлянок даволі пасьпяхова вучыўся, але на апошняй сэсіі не дапусьцілі яго да экзамену, бо ня здаў залік.
Два разы зьбіралася адмысловая камісія дзеля таго, каб высьветліць рэальныя веды студэнта, але па вялікім рахунку з трох сяброў камісіі рашэньне прымалася выключна выкладчыкам. Астатнія сябры камісіі моўчкі сыходзілі з аўдыторыі, выконваючы загад намесьніка рэктара па выхаваўчай працы ня ўмешвацца ў тое, што адбываецца.
Цесьлянок з аптымізмам глядзіць у будучыню і лічыць, што Беларусь абавязкова стане вольнай краінай і ў яго зьявіцца рэальная магчымасьць скончыць Гарадзенскі ўнівэрсытэт.
— Нягледзячы на тое, што мяне адлічылі з навучальнай установы, я не зьбіраюся нікуды зьяжджаць. Спрабую аднавіцца ў Гарадзенскім унівэрсытэце і пасьпяхова яго скончыць, бо, на маю думку, менавіта ў нашым унівэрсытэце найлепшыя выкладчыкі беларускай філялогіі, упэўнена адзначае Цесьлянок.
Адлічэньне палітычна актыўных студэнтаў з Гарадзенскага ўнівэрсытэту, на жаль, стала звычайнай практыкай апошніх часоў. У мінулым годзе з факультэту беларускай філялёгіі адлічылі Яўгена Скрабутана, зараз — Цесьлянка. У сувязі з допытамі, якія апошнім часам актыўна ажыццяўляюць супрацоўнікі КДБ, сярод студэнтаў Гарадзенскага ўнівэрсытэту ня выключана, што ланцужок адлічэньняў можа істотна падоўжыцца.
0 Comments:
Дописати коментар
<< Home